Маёнтак у Сёмкаве – адзін з нешматлікіх палацаў, якому былі прысвечаны радкі спецыяльна напісанай паэмы.
У канцы XVIII – пач. ХІХ ст. усё часцей з’яўляюцца паэмы, якія ўслаўляюць помнікі мастацтва, архітэктуры, а таксама ўладароў пэўных мясцін. Падобная паэма была напісана пра маёнтак Міхала Клеафаса Агінскага ў Залессі. Аўтар паэмы «Залессе» (1821) Леанард Ходзька – гісторык, публіцыст, выдавец. У паэме ўслаўлялася прыгажосць наваколля. Яшчэ адна паэма «Зачараваны замак» была складзена пра Прылукі Антонам Эдвардам Адынцом (1804–1855), паплечнікам Адама Міцкевіча па Таварыстве філарэтаў.
Аднак паэма «Палац у Сёмкаве» самая ранняя сярод азначаных паэм. Была напісана ў 1780-х гг. Яе аўтар Міхал Дудзінскі (1747 г. – пасля 1782 г.) – настаўнік паэтыкі ў мінскіх школах. Верагодна, што аўтар быў вельмі блізкі да кашталяна Адама Хмары, бо поўная назва паэмы гучыць так: «Палац у Сёмкаве, пабудаваны за сродкі Яснавяльможнага Ягамосці пана Адама Хмары, мінскага кашталяна, і адным з яго найзычлівейшых слуг у вершах апісаны». Арыгінал паэмы «Палац у Сёмкаве» знаходзіцца ў Літоўскай акадэмічнай бібліятэцы імя Урублеўскіх. У пачатку 2013 г. быў зроблены пераклад дадзенай паэмы на беларускую мову (пераклад зрабіла Ганна Шаўчэнка).
Аўтар паэмы «Палац у Сёмкаве» Міхал Дудзінскі наведаў гэтыя мясціны прыкладна ў 1779–1784 гг., калі палац быў ужо пабудаваны.
Палац, размешчаны ў прыгожай пойме ракі Сёмкаўкі (цяпер Чарняўкі), займаў цэнтральную пазіцыю на ўзвышшы. Невыпадкова паэма «Палац у Сёмкаве» пачынаецца такімі радкамі:
Адкуль на той гары, парослай крапівою,
Узнёсся дужы гмах імгненна над зямлёю?
Мо, гэта Амфіён зрабіў, каб заскакалі
Пад ліры спеў усе каменні, што тут спалі?
Абчэсаныя ўсцяж, адны пайшлі ў аснову,
Другія – у сцяну складаліся стылёва.
Так здзіўляўся паэт, убачыўшы ўзведзены палац. Міфічным чынам ён стараецца апісаць яго будаўніцтва.
А можа, тут Арфея скрыпка заіграла,
З якой такая моц, энергія сплывала,
Што толькі загучалі спевы-перазовы,
Дык збегліся дубы і ясені з дуброваў?
Тым не менш не антычныя героі пабудавалі палац, а розум і багацце самога кашталяна:
Не лютні гукамі, а срэбра, кашталяне,
Ты гожа збудаваў такое памяшканне.
Калі пачуўся звон сярэбранай манеты,
Сабралася ў свой час для вызначанай мэты
Дубоў і клёнаў, ясеню й сасны драўніна,
З’явіўся алебастр і цвёрдая тут гліна.
І тут ставіцца галоўнае пытанне ў паэме, якое надалей будзе раскрывацца:
У срэбры справа ўся! Але не кожны здатны
Манетай дзынкнуць так – разумна й акуратна.
Пытанне, як правільна распараджацца фінансамі, раскрываецца ў паэме «Палац у Сёмкаве».