Інтэрнет-рэсурс semkаvа.planetabelarus.by створаны Рэспубліканскім фондам развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў» па ініцыятыве мясцовых жыхароў, якія мараць аб адраджэнні былой велічы палацава-паркавага комплексу. Неабыякавыя сёмкаўцы рэгулярна наводзяць парадак у парку, распрацавалі экалагічныя маршруты, ладзяць экскурсіі. Вядуць пошук сродкаў і зацікаўленых асоб або арганізацый у рэстаўрацыі палаца і стварэнні тут турыстычнага і асветніцкага цэнтра, бо месца мае вялікі патэнцыял.
Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава (вул. Школьная) мае статус помніка 2-й катэгорыі (нацыянальнага значэння) і паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, а менавіта – Кодэкса аб культуры, павінен ахоўвацца дзяржавай. Тым не менш з 2004 года палац у Сёмкаве застаўся без даху, пачалося імклівае разбурэнне муроў.
З 2012-га па 2014 год на тэрыторыі комплексу дзейнічала арганізацыя «Бацькі і настаўнікі за адраджэнне праваслаўнай адукацыі» і фонд «Сям’я – Яднанне – Айчына». За гэты час былі праведзены працы па кансервацыі палаца, была створана выставачная зала з артэфактамі з сядзібы. Каб паглядзець на сядзібу, французскі і англійскі паркі, сюды пачалі прыязджаць турысты. У Сёмкаве працавалі валанцёры з розных краін, у тым ліку з Расіі, Украіны, Германіі, Ірландыі, Іспаніі, Польшчы, Латвіі і інш. На жаль, пасля завяршэння дзейнасці праекта палац зноў застаўся без гаспадара, і па большай частцы – без даху, месца зноў прыйшло ў заняпад.
З 2015-га па 2018 год тэрыторыя сядзібнага комплексу знаходзілася без аховы, таму маёмасць імкліва раскрадалася. З верасня 2018 года нарэшце комплекс ахоўваецца вартаўнікамі. Наймальнік: аддзел ідэалогіі, культуры і моладзевай палітыкі Мінскага райвыканкама. Другая частка сядзібнага комплексу, будынкі якой не ўяўляюць гістарычнай каштоўнасці, даглядае УП «ЖКГ Мінскага раёна». Тэрыторыя ж паркаў засталася без нагляду, прыбіранне смецця ладзіцца намаганнямі валанцёраў.
З 2019 года ў Сёмкаўскай сярэдняй школе дзейнічае краязнаўчы гурток і праходзяць заняткі ў аб’яднанні па інтарэсах краязнаўчага накірунку «Сёмкаўскі край». Вучні розных класаў знаёмяцца з гісторыяй Сёмкава падчас экскурсій па ваколіцах сядзібы. Юныя гуртоўцы асвойваюць прафесію экскурсавода, бяруць удзел у валанцёрскім навядзенні парадку, здымках відэа для ютуб-канала «Сёмкаўскі край», шматлікіх краязнаўчых конкурсах.
Супольнасцю неабыякавых экскурсаводаў, краязнаўцаў, валанцёраў была распрацавана канцэпцыя фестываля «Х_мара». На жаль, з-за эпідэміі каронавіруса фестываль не адбыўся.
З мэтай прыцягнення ўвагі да праблемы захавання палацавага комплексу і паркаў Сёмкава з вясны па восень 2020 года праведзены шэраг гістарычных, арніталагічных, батанічных экскурсій. Дзякуючы экскурсіям значна папоўніліся шэрагі мясцовай супольнасці валанцёраў. Пасля экскурсій пачалі адбывацца штотыднёвыя прыборкі тэрыторыі і сходы. Цягам 2020–2021 гадоў на аграсядзібе «Даліна Утульнасці» высілкамі валанцёраў праведзены цыкл культурна-асветніцкіх, экалагічных і іншых мерапрыемстваў, што адпавядае канцэпцыі фестываля «Х_мара».
8 чэрвеня 2021 года ў аграгарадку Сёмкава створаны Сёмкаўскі філіял Рэспубліканскага фонду развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды «Планета без межаў». Пачаўся новы этап рэалізацыі праекта «Адраджэнне. Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава».
Мэты і задачы:
- кансервацыя і паступовае адраджэнне сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава да стану, максімальна набліжанага да часу жыцця і працы Адама Хмары;
- аднаўленне працы музея сядзібна-паркавага комплексу, культурна-асветніцкай дзейнасці пры музеі;
- правядзенне раскопак на тэрыторыі сядзібы;
- пошук і рэалізацыя актуальнага прызначэння сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава;
- стварэнне клубаў, аб’яднанняў, цэнтраў і іншых устаноў, якія будуць гуртаваць мясцовую супольнасць з мэтай адраджэння сядзібна-паркавага комплексу.
Накірункі дзейнасці:
- Кансервацыя і адраджэнне.
- Музейная і экскурсійная дзейнасць.
- Культурна-асветніцкая дзейнасць.
- Экалогія і ахова прыроды.
- Пошук актуальнага прызначэння.
1. Кансервацыя і адраджэнне:
2. Музейная і экскурсійная дзейнасць:
3. Культурна-асветніцкая дзейнасць:
4. Экалогія і ахова прыроды:
5. Пошук актуальнага прызначэння (правядзенне дыскусій “Мара_Х: пошук актуальнага прызначэння сядзібна-паркавага комплекса Сёмкава”):
Калі жадаеце падрымаць праект “Адраджэнне. Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава”, то вы можаце абраць найбольш зручны для Вас варыянт:
Падрабязней на сайце фонда “Планета без межаў”
Дзякуем за ахвяраванні на наш праект!
У прызначэнні плацяжа просім абавязкова пазначаць назву нашага праекта і дасылаць копію квітанцыі на электронны адрас: adradzhennesеmkava@gmail.com