Экскурсія па школьным краязнаўчым кутку

01.11.2023

Школьны краязнаўчы куток заснаваны на базе Сёмкаўскай сярэдняй школы ў 2019 годзе. Аснову экспазіцыі склалі артэфакты, перададзеныя супрацоўнікамі фонду “Сям’я – Яднанне – Айчына”, які дзейнічаў на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава з 2010 па 2015 год.

У невялікім па памеры памяшканні размешчана каля 100 прадметаў, якія падзеленыя на 8 тэматычных экспазіцый.

1-202202005-1-AJ3I5048_1330.jpg

Экспазіцыя 1. “Гісторыя Сёмкава ад першай узгадкі да нашых дзён”

На пачатку экскурсіі вы пазнаёміцеся з гісторыяй гэтых земляў ад ХV стагоддзя да сучаснасці, прыроднымі асаблівасцямі мясцовасці.

2-202202005-1-AJ3I4986_1330.ajpg.jpg

Экспазіцыя 2. “Сядзібна-паркавы комплекс Сёмкава”

Найбольш прывабным для наведвальнікаў экспанатам з’яўляецца макет сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава, выкананы вучаніцай сталічнай гімназіі №75 Марыяй Бярэзінай пад кіраўніцтвам Т. Вайтэнка. Навучэнцы Сёмкаўскай сярэдняй школы выканалі макет-рэканструкцыю “Гаспадарчыя пабудовы ўздоўж р. Чарняўка”.

3-202202005-1-AJ3I4995_1330a.jpg

Экспазіцыя 3. “Артэфакты з раскопак”

Пад кіраўніцтвам археолагаў Інстытута гісторыі НАН РБ высілкамі валанцёраў і супрацоўнікаў фонду “Сям’я – Яднанне – Айчына” у 2012-2013 годзе на тэрыторыі сядзібна-паркавага комплексу Сёмкава былі праведзеныя раскопкі. Найбольш цікавыя артэфакты часова экспануюцца ў школьным краязнаўчым кутку.

Экспазіцыя 4. “Знакамітасці і Сёмкава”

У розныя часы Сёмкава наведалі знакамітыя мастакі Юзаф Пешка і Напалеон Орда, некаторы час тут жылі і працавалі Янка Купала і Якуб Колас, а ў суседняй вёсцы ў 1888 годзе вянчаліся бацькі Максіма Багдановіча.

6 e7c4ef453f9ddc4419b0a31db56b7d7d.jpg Якуб Колас у Сёмкаве, 1922 г. Сядзіць разам з сынам Юрыем каля тыльнай часткі палаца

Экспазіцыя 5 "Храмы Семкаўская края"

202202005-1 AJ3I5024_1330.jpg

Падчас экскурсіі па гэтай экспазіцыі можна пабачыць выяву касцёла ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў Сёмкава, фундаванага ў свой час Адамам Хмарай. У 1866 годзе касцёл стаў праваслаўнай царквой, якая была ў занядбаным стане пасля 60-х гг. ХХ ст. Акрамя копіі пасведчання аб вянчанні ў ёй бацькоў Багдановіча можна пабачыць сучасны фотаздымак і гістарычную выяву царквы святога Мікалая, якая адносілася да сучаснай вёскі Чучаны. Другім храмам, які фундаваў Адам Хмара, быў касцёл у гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Дубрава, якая адносіцца да сучаснага Маладзечненскага раёна. У гэтым касцёле усыпальніца трох пакаленняў Хмараў. А адзін з самых прывабных экспанатаў школьнага краязнаўчага кутка - макет гэтага касцёла, выкананы таксама вучнямі Мінскай гімназіі №75 пад кіраўніцтвам Т. Вайтэнка.

Экспазіцыя 6. “Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны ў Сёмкаўскім краі”

Пра няпростыя часы і перанесеныя выхаванцамі Сёмкаўскага дзіцячага дома выпрабаванні сведчаць копіі малюнкаў былога выхаванца гэтага дзіцячага дома Барыса Скобелева.

З гонарам школьнікі распавядаюць пра прыём у школе дэлегацыі са Славакіі і ўдзел славака Эміля Баліша ў аперацыі па выратаванні выхаванцаў.

Не меншую каштоўнасць уяўляюць фотаздымкі даваенных і пасляваенных часоў.

Экспазіцыя 7. “Радавод”

Вучні Сёмкаўскай СШ лічаць важным вывучэнне гісторыі не толькі роднага краю, але і ўласных сямейных радаводаў. Прыкладам для іх з’яўляецца былы жыхар Сёмкава Анатоль Васільевіч Чабаганаў, які за 20 год дзейнасці даследваў свой род да XV стагоддзя, апісаў у кнігах-энцыклапедыях каля 40 старажытных беларускіх родаў.

10-202202005-1-AJ3I5055_1330.jpg

Экспазіцыя 8. “Беларуская хатка”

Аснову экспазіцыі склалі аўтэнтычныя рэчы з в. Кардон Маладзечанскага раёна, перададзеныя на захаванне ў Сёмкаўскую сярэднюю школу сям’ёй Аверыных, дзеці якіх вучацца ў нашай школе.

11-202202005-1-AJ3I5052_1330.jpg

Аг. Сёмкава, вул. Цэнтральная, 1
Сёмкаўская сярэдняя школа
Тэлефон: 8 017-503-11-48 прыёмная, факс 8 017-503-11-48
e-mail: semkovo@minsk.edu.by